27 лістапада 2025 года адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Актуальныя праблемы сельскагаспадарчай тэрміналогіі», арганізаваная сумесна Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкай імя І.С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У рабоце канферэнцыі вочна і аддалена прынялі ўдзел прадстаўнікі розных галін навукі – філалагічных, сельскагаспадарчых, педагагічных, біялагічных, эканамічных: вучоныя акадэмічных навуковых устаноў, дактаранты, прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў адукацыі, кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк, інфармацыйных і аналітычных арганізацый з Беларусі, Расіі, Італіі, Швецыі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
З прывітальным словам да адкрыцця канферэнцыі выступілі намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вольга Сяргееўна Юшкевіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Лявонавіч Капылоў, старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Эльвіра Валер'еўна Ярмоленка, кіраўнік групы кіравння сельскагаспадарчай інфармацыяй Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАО) Іма Субіратс-Кол (Рым, Італія), а таксама дырэктар Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі імя І.С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Віталь Мікалаевіч Гердзій.
У рамках навуковай праграмы канферэнцыі прагучалі каля 25 дакладаў, якія былі прадстаўлены на пленарным пасяджэнні, падчас работы дзвюх секцый і круглага стала.
Адкрыў пленарнае пасяджэнне даклад «Аб стварэнні новага руска-беларускага слоўніка юрыдычных тэрмінаў», падрыхтаваны сумесна вучонымі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: дырэктарам І.Л. Капыловым, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам, загадчыкам аддзела гісторыі беларускай мовы Н.В. Паляшчук, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам і вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы Э.В. Ярмоленка. У ходзе выступлення былі апісаны прынцыпы складання новага руска-беларускага слоўніка юрыдычных тэрмінаў, падрыхтоўка якога вядзецца на матэрыяле дзеючых адзінаццаці кодэксаў Рэспублікі Беларусь, абазначаны перспектывы яго практычнага выкарыстання ў сферы заканадаўства, права, справаводства, мовазнаўства, таксама разгледжаны прыклады тэрмінаў, якія датычацца сельскай гаспадаркі ў шырокім сэнсе.
У дакладзе Т.Р. Трафімавіч, доктара філалагічных навук, прафесара, прафесара кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, і І.К. Русаковіч, кандыдата педагагічных навук, дацэнта, дактаранта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка «Узаемадзеянне слоўнай і жэставай моў пры засваенні школьнікамі з парушэннем слыху сельскагаспадарчай тэрміналогіі» разглядаліся праблемы ўзаемадзеяння слоўнай і жэставай моў у працэсе навучання школьнікаў з парушэннем слыху, засваенне імі сельскагаспадарчай тэрміналогіі. І.К. Русаковіч расказала аб асаблівасцях фарміравання прыродазнаўчых паняццяў, развіцця і ўзбагачэння жэставай гаворкі, а таксама праілюстравала іх практычнае прымяненне на прыкладах з досведу сваёй педагагічнай практыкі.
Анлайн выступленне “AGROVOC's Role in Agricultural Terminology” кіраўніка групы кіравання сельскагаспадарчай інфармацыяй Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый Іммы Субіратс-Кол, магістра бібліятэчна-інфармацыйных навук, магістра гісторыі, было арыентавана на інфармаванне аб развіцці шматмоўнага тэзаўруса AGROVOC у рэтраспектыве, на сучасным этапе і ў бліжэйшай перспектыве, яго праграмна-тэхнічнай сумяшчальнасці, а таксама выкарыстанні для абмену сельскагаспадарчымі ведамі і інфармацыяй паміж даследчыкамі, спецыялістамі і практыкамі ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання з усяго свету.
Даклад «Да пытання аб нармалізацыі і гарманізацыі тэрміналогіі ў інфармацыйна-пошукавым тэзаўрусе па сельскай гаспадарцы і харчаванні» сумесна падрыхтаваны вучоным сакратаром Цэнтральнай навуковай сельскагаспадарчай бібліятэкі (ЦНСГБ) Л.М. Пірумавай, кандыдатам педагагічных навук, і дырэктарам ЦНСГБ І.А. Каленчанка, кандыдатам эканамічных навук, быў прысвечаны прадстаўленню навуковых даследаванняў і працэсаў, якія праводзяцца з мэтай нармалізацыі навуковай лексікі, якая ўключаецца ў інфармацыйна-пошукавы тэзаўрус, распрацоўваемы ЦНСГБ.
Падчас выступленняў і дыскусіі ў рамках тэматычных секцый «Сучаснае развіццё сельскагаспадарчай тэрміналогіі і тэрмінаграфіі» і «Функцыянаванне аграрнай тэрміналогіі: рэтраспектыва і актуальны стан», а таксама праблемнага круглага стала «Распрацоўка беларускай версіі шматмоўнага тэзаўруса AGROVOC: праблемы, дасягненні, перспектывы» разглядаліся наступныя пытанні: рэтраспектыва і актуальны стан функцыянавання сельскагаспадарчай тэрміналогіі; лінгвістычныя аспекты развіцця сучаснай аграрнай тэрміналогіі; класічная і камп'ютарная сельскагаспадарчая тэрмінаграфія; міжмоўны ўплыў, інтэрнацыяналізацыя і праблемы перакладу аграрнай лексікі; работы па сістэматызацыі, упарадкаванні і навуковым апісанні беларускамоўнай сельскагаспадарчай тэрміналогіі як кампанента шматмоўнага тэзаўруса ФАО і інш.
На працягу ўсёй работы канферэнцыі дэманстраваліся тэматычныя выставы літаратуры «Беларускія аграрныя выданні пачатку XX стагоддзя» і «Крыніцы сельскагаспадарчай спецыяльнай лексікі: слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі, гласарыі, навучальныя і іншыя выданні» з фондаў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі імя І.С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Даклады ўдзельнікаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Актуальныя праблемы сельскагаспадарчай тэрміналогіі» апублікаваныя ў зборніку дакладаў, які быў падрыхтаваны і выдадзены да пачатку правядзення мерапрыемства. У бліжэйшы час плануецца індэксаванне апублікаваных дакладаў у Расійскім індэксе навуковага цытавання (РІНЦ) на платформе Навуковай электроннай бібліятэкі eLIBRARY.RU і ў міжнароднай базе даных сельскагаспадарчых навук і тэхналогій AGRIS.
Фотаматэрыялы, відэа запіс пасяджэнняў і дадатковая інфармацыя, якая датычыцца Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Актуальныя праблемы сельскагаспадарчай тэрміналогіі», размешчаны на старонцы канферэнцыі.
Арганізацыйны камітэт канферэнцыі дзякуе ўсім удзельнікам за плённую працу і пазітыўную атмасферу, што спадарожнічалі правядзенню канферэнцыі. Жадаем здароўя, натхнення, прафесійных і асабістых поспехаў!

