Аўторак, 30 Верасень 2025 17:37

Conference2025banner kv26 верасня Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С. Лупіновіча НАН Беларусі сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі правялі ІІІ Міжнародную навуковую канферэнцыю «Сельская гаспадарка Беларусі скрозь прызму навуковых даследаванняў», прымеркаваную да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёлета канферэнцыя прайшла ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, партнёрамі мерапрыемства выступілі Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе». Канферэнцыя аб’яднала прадстаўнікоў розных галін навукі – гістарычных, сацыялагічных, тэхнічных і архітэктуры: вучоных акадэмічных навуковых устаноў, прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў вышэйшай адукацыі, кіраўнікоў і спецыялістаў бібліятэк і музеяў Беларусі і Расіі.

Падчас ўрачыстыга адкрыцця канферэнцыі прагучалі традыцыйныя песні і найгрышы сельскагаспадарчай абраднасці беларусаў у выкананні супрацоўнікаў культурна-адукацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Ад імя Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Сцяпанавіча Караніка, Прэзідыума НАН Беларусі і сябе асабіста прывітаў удзельнікаў канферэнцыі намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Пятровіч Казакевіч. З прывітальнымі словамі таксама выступілі Вадзім Леанідавіч Лакіза, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Яўген Аляксандравіч Мікула, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Ксенія Уладзіміраўна Сямашка, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе”» і Віталь Мікалаевіч Гердзій, дырэктар Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, член Навуковай рады па кніжнай культуры, кнігавыданні і бібліятэкам Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук.

Навуковая праграма канферэнцыі ўключала каля 30 дакладаў, якія былі прадстаўлены на пленарным пасяджэнні і падчас работы трох секцый.

Адкрыў пленарнае паседжанне даклад Н.Ю. Бярозкінай, кандыдата гістарычных навук, дацэнта, Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, «Унёсак прафесараў і выпускнікоў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў распаўсюджванне сельскагаспадарчых ведаў». Падчас выступлення быў разгледжаны ўдзел дзеячаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў распаўсюджванні сельскагаспадарчых ведаў па некалькіх адукацыйных і асветніцкіх напрамках: праз сістэму вышэйшай адукацыі, навучанне, падрыхтоўку спецыялістаў аграрнага профілю; у выніку ўдасканалення арганізацыі адукацыйнага працэсу ў галіне аграрных навук (кіраўніцтва спецыяльнымі кафедрамі, укараненне новых форм заняткаў і інш.); пры дапамозе правядзення публічных лекцый, арганізацыі курсаў, сельскагаспадарчых з’ездаў, выставак, удзелу ў рабоце сельскагаспадарчых таварыстваў і інш.; шляхам падрыхтоўкі і выдання спецыяльнай сельскагаспадарчай літаратуры (навуковай, вучэбнай, метадычнай) і работы ў рэдкалегіях спецыяльных перыядычных выданняў аграрнага профілю. У дакладзе «Кветкі Перамогі», І.Ф. Багданава, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік аддзела даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, надала ўвагу ўдзелу савецкіх, расійскіх і беларускіх вучоных-селекцыянераў у захаванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, якая ўвекавечана ў найменнях створаных у пасляваенны і цяперашні час гатункаў кветак, спыніўшыся на гістарычных звестках, якія тлумачаць «ваенныя» назвы кветак. С.А. Сергачоў, доктар архітэктуры, прафесар, прафесар кафедры архітэктуры жыллёвых і грамадскіх будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, у сваім дакладзе «Аднаўленне сельскай гаспадаркі БССР у канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг.: дапамога архітэктурнай навукі» на падставе архіўных матэрыялаў, публікацый і сведчанняў сучаснікаў распавёў, як у першыя пасляваенныя гады архітэктура вёскі фармавалася архітэктарамі-практыкамі, якія распрацоўвалі тыпавыя праекты, выкарыстоўваючы метады навуковых даследаванняў: аналіз і сістэматызацыю зыходных дадзеных, эксперыментальнае праектаванне, распрацоўку рэкамендацый, з 1950 г. пачалася распрацоўка праектаў, у якіх былі навукова абгрунтаваны планіровачныя рашэнні сельскіх паселішчаў і асновы іх мастацкай выразнасці. У дакладзе «Аграрная навука і сельскагаспадарчая вытворчасць у Савецкай Беларусі (1981–1985 гг.)» М.У. Смяховіч, доктар доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык цэнтра гісторыі Беларусі канца ХVIII – ХХI стагоддзяў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, адзначыў, што інавацыйныя распрацоўкі беларускіх навукоўцаў першай паловы 1980-х гг. у форме аўтарскіх вынаходстваў, метадычных рэкамендацый па ўкараненні індустрыяльных тэхналогій у жывёлагадоўлі і раслінаводстве, арганізацыі працы ў гаспадарках, культывацыі новых гатункаў збожжавых культур, бульбы, лёну былі важным фактарам у развіцці сельскай гаспадаркі БССР разглядаемага перыяду і працягваюць аказваць пазітыўны ўплыў на развіццё аграрнай галіны суверэннай Беларусі. Завяршыла пленарнае пасяджэнне дэманстрацыя архіўных відэаматэрыялаў аб аднаўленні сельскай гаспадаркі Беларусі ў першыя пасляваенныя гады з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Пасля пленарнага пасяджэння праца канферэнцыі працягнулася ў межах тэматычных секцый.

Секцыя 1 «Гісторыя аграрных адносін і сельскай гаспадаркі Беларусі», якая прайшла пад кіраўніцтвам С.Ф. Шымуковіча, кандыдата гістарычных навук, дацэнта, дацэнта кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Я.І. Мікулы, кандыдата гістарычных навук, намесніка дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, уключала даклады па розных пытаннях аграрнай гісторыі Беларусі ў перыяд з апошняй трэці ХІХ па канец ХХ стагоддзя.

У рамках Секцыі 2 «Сельскагаспадарчыя веды і аграрная навука ў кантэксце бібліятэчна-бібліяграфічнай, інфармацыйнай і адукацыйнай дзейнасці», работу якой каардынавалі Н.Ю. Бярозкіна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, і М.М. Важнік, галоўны бібліятэкар аддзела персанальнага абслугоўвання, дакументазахавання і маркетынгу Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, былі разгледжаны сельскагаспадарчая літаратура як крыніца папулярызацыі і генерацыі новых аграрных ведаў і аб’ект бібліятэчна-бібліяграфічнай і інфармацыйнай дзейнасці, а таксама метадычныя падыходы да вывучэння аграрнай інтэлектуальнай спадчыны і арганізацыйныя аспекты падрыхтоўкі кадраў для АПК.

На Секцыі 3 «Роля навукі, адукацыі і асветы ў развіцці аграрнай галіны Беларусі» пад старшынствам В.Г. Мазеца, кандыдата гістарычных навук, дацэнта, вядучага навуковага супрацоўніка аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі і В.М. Жука, кандыдата гістарычных навук, старшага навуковага супрацоўніка аддзела даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, абмяркоўваліся арганізацыйныя аспекты функцыянавання аграрнай навукі ў мінулым і гісторыя ўкаранення дасягненняў навукі ў практыку, а таксама ўнёсак асобных вучоных, навуковых і адукацыйных структур у развіццё сельскагаспадарчай сферы Беларусі.

У рамках работы канферэнцыі дэманстраваліся выставы літаратуры «Аграрная кніга ХІХ – пач. XX ст.» і «Сельская гаспадарка Беларусі ў кантэксце рознааспектных сацыягуманітарных даследаванняў», падрыхтаваныя супрацоўнікамі Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, экспанаваліся альбомы фотадакуметаў «Сельскагаспадарчыя выставы ў БССР у першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі», складзеныя ў розныя гады супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, акрамя таго былі прадстаўлены рэчавыя помнікі гісторыі – выстава музейных экспанатаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» «Беларускае малако: традыцыі і густы стагоддзяў» і «Гісторыя сельскай гаспадаркі ў археалагічных артэфактах» Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Даклады ўдзельнікаў ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Сельская гаспадарка Беларусі скрозь прызму навуковых даследаванняў», прымеркаванай да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, апублікаваны ў зборніку дакладаў , які быў падрыхтаваны і выдадзены да пачатку правядзення мерапрыемства. У бліжэйшы час плануецца індэксаванне апублікаваных дакладаў у Расійскім індэксе навуковага цытавання (РІНЦ) на платформе Навуковай электроннай бібліятэкі eLIBRARY.RU і ў міжнароднай базе даных сельскагаспадарчых навук і тэхналогій AGRIS.

Фотаматэрыялы і дадатковая інфармацыя, якая датычыцца ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Сельская гаспадарка Беларусі скрозь прызму навуковых даследаванняў», прымеркаванай да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, размешчана на старонцы канферэнцыі .

Арганізацыйны камітэт канферэнцыі дзякуе ўдзельнікам за выставачнае суправаджэнне, цікавыя даклады і канструктыўную дыскусію, жадае здароўя, натхнення, прафесійных і асабістых поспехаў! Правядзенне наступнай канферэнцыі «Сельская гаспадарка Беларусі скрозь прызму навуковых даследаванняў» плануецца ў 2027 годзе, запрашаем да ўдзелу!