14 жніўня 2024 года ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя манаграфіі «Развіццё сучаснага беларускага сяла: праблемы, тэндэнцыі, перспектывы» (Развитие современного белорусского села: проблемы, тенденции, перспективы / Н. Л. Балич (общ. ред.) [и др.] ; Национальная академия наук Беларуси, Институт социологии. – Минск : Беларуская навука, 2024. – 247с.), падрыхтаванай супрацоўнікамі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У манаграфіі «Развіццё сучаснага беларускага сяла: праблемы, тэндэнцыі, перспектывы» прадстаўлены шматбаковы аналіз стану сучаснай беларускай вёскі. Даследаванне ахапіла шырокі спектр пытанняў, звязаных з культурным і эканамічным патэнцыялам сельскіх тэрыторый, ацэнкай умоў жыцця і міграцыйнымі намерамі розных сацыяльных груп. Значная ўвага ў манаграфіі была ўдзелена дзейнасці фермерскіх гаспадарак і перспектывам іх развіцця. Манаграфія падрыхтавана калектывам аўтараў пад агульнай рэдакцыяй кандыдата сацыялагічных навук, дацэнта Наталлі Баліч, загадчыцы аддзела рэгіянальнай сацыялогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. У склад аўтараў таксама ўвайшлі навуковыя супрацоўнікі аддзела рэгіянальнай сацыялогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Аляксандра Сямёнава, Ігар Харытонаў і Анастасія Аленская.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў прэзентацыі звярнуўся намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі Дзмітрый Пятровіч Бабарыка. Мадэратарам мерапрыемства выступіў дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Лявонцьевіч Мыслівец. Ён распавёў аб значэнні выдання, якое прэзентуецца, пры пабудове мадэлей доўгачасовага развіцця сельскай мясцовасці, дзяржаўнага выбудоўвання рэгіянальнай палітыкі, фарміравання і выкарыстання працоўных рэсурсаў у сельскай гаспадарцы Беларусі. Таксама ў прэзентацыі прыняў удзел намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мікалаевіч Сухоцкі.
Аўтары манаграфіі ў сваім інфарматыўным выступленні расказалі пра мэты і задачы, якія стаялі перад выданнем, падрабязна спыніліся на высновах, да якіх яны прыйшлі падчас працы над манаграфіяй. Наталля Леанідаўна Баліч расказала аб даследчай базе і канцэпцыі манаграфіі, спынілася на тэарэтычных асновах вывучэння беларускай вёскі, звярнула ўвагу на розныя аспекты сацыяльна-культурнага развіцця сучаснага беларускага сяла, уплыву мадэрнізацыі на развіццё сельскіх тэрыторый і фермерскіх гаспадарак і патэнцыял асабістых падсобных гаспадарак у сельскіх рэгіёнах, а таксама пазнаёміла з некаторымі вынікамі вывучэння перспектыў развіцця беларускай вёскі ў ацэнках грамадскай думкі і міграцыйнага патэнцыялу тэрыторый.
Ігар Мікалаевіч Харытонаў у сваім выступленні прадставіў вынікі вывучэння сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускай вёскі ў статыстычным вымярэнні і задаволенасці вяскоўцаў сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі свайго жыцця.
Аляксандра Вячаславаўна Сямёнава пазнаёміла з вынікамі даследавання аб мэтазгоднасці прыватызацыі дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў у ацэнках грамадскай думкі.
Прэзентацыя прыцягнула ўвагу навуковых работнікаў устаноў, якія займаюцца даследаваннем пытанняў эканамічнага і сацыяльнага развіцця, аналізу і прагназіравання, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў аграрнага профілю і тых, хто цікавіцца пытаннямі сацыякультурнага і эканамічнага развіцця сельскіх тэрыторый Беларусі. У ходзе абмеркавання свае пытанні аўтарскаму калектыву задалі прадстаўнікі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, Інстытута эканомікі НАН Беларусі, Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі, прадстаўнікі СМІ і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства.
У завяршэнні прэзентацыі Мікалай Лявонцьевіч уручыў асобнікі манаграфіі «Развіццё сучаснага беларускага сяла: праблемы, тэндэнцыі, перспектывы» прысутным даследчыкам для перадачы ў вядучыя навуковыя і аналітычныя ўстановы, якія яны прадстаўляюць. Па просьбе калег-навукоўцаў перададзеныя асобнікі былі ласкава падпісаны аўтарамі.
Аўтарская прэзентацыя выдання «Развіццё сучаснага беларускага сяла: праблемы, тэндэнцыі, перспектывы» прадставіла ўнікальную магчымасць «з першых вуснаў» даведацца аб рабоце над манаграфіяй. Акрамя таго, жывая камунікацыя паміж удзельнікамі мерапрыемства садзейнічала раскрыццю патэнцыяльных напрамкаў магчымага навуковага супрацоўніцтва і вызначэнню перспектыў далейшых даследаванняў.