19 красавіка 2024 года з 19.00 да 23.00 Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка далучылася да штогадовай культурна-асветніцкай акцы «Бібліяноч-2024», прымеркаванай да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, і ператварылася ў чароўнае месца, напоўненае ведамі і культурнымі падзеямі.
Адным з галоўных момантаў «Бібліяночы-2024» стаў канцэрт «Весны волшебное дыханье и творчества очарованье...» ад нашых партнёраў і калег з Навукова-практычнага цэнтра па жывёлагадоўлі Нацыянальнай акадэміі навук Белурусі – аўтара і выканаўца эстраднай песні Аляксандра Бышова, паэта-песенніка Ларысы Каляснікавай, паэтэсы Святланы Яблачкінай, а таксама выканаўца папулярнай песні Аляксея Рэдзкіна. Канцэрт ствараў атмасферу свята і натхняў усіх прысутных.
Танцавальны майстар-клас быў адным з папулярных мерапрыемстваў «Бібліяночы-2024». Танцмайстар Аляксандра Гусакова навучала наведвальнікаў наступным танцам: маразуля, вальс святога Бернара, кастарват, хей гарданс, а таксама выканала танец-сола. Удзельнікі з задавальненнем вывучалі новыя рухі і разам весела бавілі час.
У рамках мерапрыемства быў арганізаваны лекторый, падчас якога адбыліся займальная лекцыя «Лекавыя расліны» ад кандыдата сельскагаспадарчых навук Шклярова Аляксандра Пятровіча; пазнавальная лекцыя і трэнінг «Стрэсаўстойлівасць і тэхнікі самадапамогі» ад кандыдата сельскагаспадарчых навук, псіхолага Яблачкінай Святланы Леанідаўны; навуковая лекцыя «Прадукты пчалярства ў паўсядзённым жыцці» ад галоўнага рэдактара часопіса «Беларускі пчаляр» Пляшчанка Людмілы Мікалаеўны. Дзейнічалі выстава сушаных траў «Лекавыя расліны» і выстава-гербарый пустазелля і атрутных раслін.
Для самых дапытлівых удзельнікаў праводзілася бліц-віктарына па пытаннях здаровага ладу жыцця, працавалі зоны, дзе была магчымасць запісацца ў бібліятэку і атрымаць чытацкі білет, «Дрэва пажаданняў», «З гісторыі бібліятэкі…», фотазоны і інш.
У фітабары «Духмяны кубак шчасця» з шырокім выбарам пахучай гарбаты кожная порцыя напою станавілася сапраўным чараўніцтвам, якое дапамагала палепшыць настрой.
Традыцыйна ў мерапрыемстве прынялі ўдзел нашы партнёры – Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту і Беларусі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Экспазіцыя «Сельскагаспдарчая тэхніка беларусаў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў», выстава фотатэхнікі і разнастайныя віды носьбітаў кінавідэа- і фонадакументаў, якія выкарыстоўваліся ў мінулым, фотаэкспазіцыі «Беларуская ССР на ВДНГ у г. Масвка», «Фотадакументы з калекцый Н.С. Тагрына і В.І. Каляды», «З днём нараджэння, Перамога!», дакументы з калекцыі А.М. Багамолава выклікалі сапраўдную цікавасць у наведвальнікаў.
Творчыя майстар-класы прапаноўвалі гасцям мерапрыемства праявіць сваю творчую натуру і пакінуць сабе ўнікальныя прадметы, зробленыя ўласнымі рукамі. Наведвальнікі маглі стварыць аўтарскія паштоўкі і вырабіць кніжныя закладкі. Акрамя таго, на гэтай пляцоўцы была прадстаўлена магчымасць азнаёміцца з дэкаратыўнымі вырабамі ручной працы з дрэва ў тэхніцы дэкупаж ад майстра Мусонавай Ліліі і вырабамі інтэр’ернага і сезоннага дэкора ад Фаміной Алены.
Шчырую цікавасць выклікалі пляцоўкі, прысвечаныя посткросінгу і буккросінгу – рухам, якія садзейнічаюць абмену кнігамі і паштоўкамі паміж людзмі.
Карыстальнікі Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі пчаляры Пляшчанка Людміла (галоўны рэдактар часопіса «Беларускі пчаляр») і Пляшчанка Аляксандр дэманстравалі прылады пчаляра, прадукты пчалярства, прафесійна і даступна адказвалі на пытанні па пчалярству і адмысловай прадукцыі, давалі практычныя парады.
Для дзяцей была арганізавана асобная зона, дзе яны маглі маляваць і іграць у гульні, спецыяльна адабраныя ў адпаведнасці з узростам.
Такія гульні, як інтэлектуальна-пазнавальны квіз «Родныя словы: сельская гаспадарка» і камандная, псіхалагічная , пакрокавая ролевая гульня «Мафія» таксама сталі цікавымі пляцоўкамі «Бібліяночы-2024».
Да сустрэчы ў наступным годзе!