29 сакавіка 2024 года ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы адбылася сустрэча посткросераў, прымеркаваная да Міжнароднага дня русалак.
Посткросінг (англ. Postcrossing) – праект, створаны ў 2005 годзе пад уплывам кніжнага руху буккросінг для магчымасці здзяйснення міжнароднага непрамога абмену паштоўкамі. Усяго ў мерапрыемстве на базе Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі прынялі ўдзел больш за 15 посткросераў з розных рэгіёнаў Беларусі: Мінска, Мінскай (Жодзіна, Ждановічы, Маладзечна, в. Ляскоўка, Сеніца), Віцебскай (Паставы) і Гродзенскай (Смаргонь) абласцей.
Вядучай мерапрыемства стала малодшы навуковы супрацоўнік аддзела даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці Пятроўская Анастасія Уладзіміраўна, актыўны ўдзельнік руху посткросінгу і філакартыст. Мерапрыемства складалася з дзвюх частак: афіцыйнай і асноўнай. У пачатку афіцыйнай часткі намеснік дырэктара па навуковай рабоце Бабарыка Дзмітрый Пятровіч расказаў удзельнікам сусветнага руху посткросінга аб некаторых старонках гісторыі бібліятэкі і яе сучасным развіцці. Потым навуковы супрацоўнік аддзела даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці Карбалевіч Наталля Мікалаеўна прачытала навукова-папулярную лекцыю на тэму “Уяўленні аб русалках у беларускай традыцыйнай культуры”, падчас якой былі разгледжаны беларускія народныя ўяўленні аб русалках. Пасля лекцыі Наталля Мікалаеўна прадставіла ўвазе гасцей выставу кніг «Традыцыйная беларуская культура: літаратура ў фондах БелСГБ». Галоўны бібліятэкар аддзела персанальнага абслугоўвання, дакументазахоўвання і маркетынгу Важнік Марына Мікалаеўна пазнаёміла посткросераў са складам фонду друкаваных дакументаў, рэдкай кнігай і экспанатамі экспазіцыйна-выставачнага комплекса Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі.
Асноўнай і завяршаючай часткай мерапрыемства стала падпісанне паштовак. Для гэтага супрацоўнікамі бібліятэкі загадзя былі распрацаваныя чатыры дызайны паштовак. Натхненнем для трох з іх сталі інтэр’еры Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі: адкрытая калекцыя дакументаў, стэлажы з кнігамі і рэтра-зона экспазіцыйна-выставачнага комплексу. Адна з паштовак, прымеркаваная да Міжнароднага дня русалкі, была згенераваная з выкарыстаннем магчымасцяў штучнага інтэлекту: на ёй выяўлена русалка, якая чытае кнігу. Удзельнікамі сустрэчы было падпісана 595 паштовак. Гэтыя паштоўкі будуць адасланыя посткросерамі ў розныя краіны свету, што пасадзейнічае папулярызацыі Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі сярод посткросераў і жыхароў іншых краін.
Сустрэча посткросераў у Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы прайшла ў сяброўскай і цёплай атмасферы. Посткросеры пазнаёміліся з гісторыяй Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, пашырылі свае веды аб дзейнасці сучасных навуковых бібліятэк і іх паслугах для карыстальнікаў, мелі магчымасць пагутарыць падчас чаявання, а таксама падпісалі паштоўкі ва ўтульнай атмасферы “кніжнай аранжарэі”. Акрамя таго, дзякуючы посткросінгу, вялікая колькасць людзей з розных краін свету, не толькі атрымае прыемныя эмоцыі ад абмену паштоўкамі, але і даведваецца аб Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы. Праведзенае сумеснае мерапрыемства бібліятэчнай супольнасці і руху посткросінгу яшчэ раз прадэманстравала разнастайнасць сацыякультурных камунікацый, якія рэалізуюцца ў бібліятэчным асяроддзі.