21 лютага 2024 года Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка сумесна з Саветам маладых вучоных Аддзялення аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту правялі інтэлектуальна-пазнавальны квіз і лекторый «Родныя словы: сельская гаспадарка», прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы.
Да мерапрыемства далучыліся пяць каманд з арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: «Апалонікі» (Інстытут сістэмных даследванняў АПК НАН Беларусі), «Бібліятэка» (Беларуская сельскагаспадарчая бiблiятэка), «Дамовiлiся» (Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусi па земляробству), «Фінансы і рамансы» (Інстытут эканомікі НАН Беларусі), “AgroStar” (Інстытут сістэмных даследванняў у АПК НАН Беларусі).
Ацэньвала правільнасць адказаў каманд кампетэнтная калегія журы ў складзе Веранікі Мікалаеўны Курцовай, кандыдыта філалагічных навук, дацэнта, загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Аляксея Юр’евіча Друпава, вядучага навуковага супрацоўніка навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народный архітэктуры і побыту, Аляксандра Мікалаевіча Шарэнкі, старшыні Савета маладых вучоных Аддзялення агарных навук НАН Беларусі, старшыні Савета маладых вучоных і загадчыка сектара фінансаў Інстытута сістэмных даследванняў у АПК НАН Беларусі, і Наталлі Мікалаеўны Карбалевіч, навуковага супрацоўніка аддзела даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі.
Мерапрыемства ўключала змястоўную і цікавую інтэрактыўную лекцыйную частку. Выступленне Веранікі Мікалаеўны Курцовай, загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдыта філалагічных навук, дацэнта, было прысвечана агляду слоўнікавых, энцыклапедычных выданняў і іншых крыніц тэматычнай беларускай лексікі, якія будуць карыснымі для навукоўцаў-аграрнікаў.
Гісторыка-этнаграфічны экскурс «Са свету традыцыйных сельскагаспадарчых прылад беларусаў: каса і мянташка» Аляксандра Аляксандравіча Макарчыка, вядучага навуковага супрацоўніка навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народный архітэктуры і побыту, быў засяроджаны на прыладах працы, характэрных для традыцыйнай сельскагаспадарчай сферы беларусаў.
У межах пяці інтэлектуальных тураў удзельнікам квіза было прапанавана прадэманстраваць веданне беларускай сельскагаспадарчай тэрміналогіі, папрактыкавацца ў тлумачэнні аграрных паняццяў, даць адказы на загадкі, якія складаліся беларускім народам на аб’екты, з’явы і працэсы, датычныя да сферы сельскай гаспадаркі ў шырокім сэнсе, а таксама ўзгадаць літаратурныя творы, у якіх узнімаецца аграрная тэматыка, і іх аўтараў. Таксама ў квіз быў уключаны творчы этап, падчас якога удзельнікі мерапрыемства дэкламавалі ўрыўкі з «энцыклапедыі жыцця беларускага сялянства канца XIX – пачатку XX стагоддзяў» – паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”.
Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства была прапанавана тэматычная выстава літаратуры з фондаў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі: «Аграрныя выданні першай паловы ХХ стагоддзя», якая ўключала навуковыя дакументы, выдадзеныя навуковывмі ўстановамі таго часу: Інстытутам беларускай культуры, Беларускай акадэміяй навук, навукова-даследчымі інстытутамі, сельскагаспадарчымі станцыімі, а таксама матэрыялы, надрукаваныя ў навуковых і папулярных серыях па сельскай гаспадарцы. Акрамя гэтага, падчас мерапрыемства дэманстравалася экспазіцыя беларускіх паштовак «Словы роднай мовы».
Па выніках інтэлектуальна-пазнавальнага квіза пераможцам стала каманда “AgroStar”, другое месца з адставаннем у адзін бал дасталося камандзе «Дамовiлiся», на трэцім месцы – каманда «Бібліятэка», каманда «Фінансы і рамансы» заняла чацвёртае месца, каманда «Апалонікі» – пятае. У якасці ўзнагароды для кожнага члена каманды-прызёра прадстаўлена магчамасць на працягу бягучага года бясплатна скарыстацца бібліятэчна-інфармацыйнымі паслугамі, якія дапамогуць пры падрыхтоўцы навуковых артыкаулаў (трох – для І месца, двух – для ІІ і аднаго – для ІІІ месца): індэксаванне індэксамі УДК, пераклад анатацыі на англійскую мову, рэдагаванне бібліяграфічнага спіса і references (да 15 крыніц). Акрамя таго, таксама з шэрагу бібліятэчна-інфармацыйных паслуг невялікі падарунак атрымаў кожны ўдзельнік квіза.
Шчыра ўдзячныя ўсім удзельнікам і выступоўцам!