21 красавіка ў бібліятэках Беларусі прайшла міжнародная акцыя ў падтрымку чытання «Бібліяноч–2023». Уваход на мерапрыемствы быў вольны!
Акцыя прымеркавана да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, які быў заснаваны ЮНЕСКА ў 1995 годзе і штогод адзначаецца 23 красавіка.
З нагоды Дня кнігі кожны год бібліятэкі пашыраюць час, фармат працы і арганізуюць кніжныя выставы, публічныя чытанні, акцыі і іншыя культурныя мерапрыемствы.
У праграме акцыі «Бібліяноч-2023» было мноства тэматычных пляцовак для дарослых і дзяцей. Гасцей свята парадавалі розныя актыўнасці – майстар-класы, гульні, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і іншыя забавы.
У мерапрыемстве прымалі ўдзел наступныя бібліятэкі:
- Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасці, 116), тэма: «БібліяІмпульс»,
- Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі сумесна з Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкай імя І.С. Лупіновіча НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15), тэма: «Тэрыторыя навукі»,
- Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка (вул. Фабрыцыўса, 28), тэма: «Начны абанемент»,
- Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (пр. Газеты «Праўда», 20а), тэма: «Бібліяпрыцемкі "Кніга і кампанія"».
Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска:
- Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16), тэма: «Традыцыі. Тое, што нас аб'ядноўвае»,
- Бібліятэка № 13 (вул. Народная, 43а), тэма: «Кніга. Музыка Тэатр».
Гэтым разам сваю пляцоўку «Аграсядзіба запрашае…» БелСГБ прадстаўляла на тэрыторыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (4 паверх), якая на некаторы час стала месцам прыцягнення ўсіх, хто захоплены навукай, хто любіць чытаць і адкрываць для сябе нешта новае і нязведанае.
З 19.00 да 23.00 гасцей бібліятэкі чакала цікавая і насычаная праграма. Для самых цікаўных удзельнікаў праводзілася бліц-віктарына па пытаннях здаровага ладу жыцця.
На «Дрэве пажаданняў» наведвальнікі мерапрыемства пакідалі свае пажаданні бібліятэцы.
Для ўсіх жадаючых працаваў «Фітабар» са здаровай вітаміннай гарбатай, а таксама можна было пачаставацца сушкамі.
Зона «З гісторыі бібліятэкі» была прадстаўлена друкаванай машынкай, скрынямі з картачнага алфавітнага паказальніка Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, прыборам уліку наведвальнікаў, апаратам для чытання мікрафішаў, гістарычнымі фатаграфіямі бібліятэкі і іншымі цікавымі экспанатамі
На пляцоўцы «Аграсядзіба запрашае…» можна было паразмаўляць з карыстальнікамі Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, пчалярамі Пляшчанка Людмілай Мікалаеўнай (галоўным рэдактарам часопіса «Беларускi пчаляр») і Пляшчанкам Аляксандрам Сяргеевічам, якія дэманстравалі інструменты пчаляра, пчалапрадукты, давалі практычныя парады, а таксама правялі лекцыю «Феномен меданоснай пчалы», якая доўжылася амаль дзве гадзіны. Гасцям была прадстаўлена магчымасць прадэгуставаць натуральны мёд у сотах, даведацца шмат новага аб экалогіі і здароўі, а пры жаданні – захапіць кніжку з «Літаратурнага чамаданчыка».
Прапануем вам паглядзець відэаролік аб тым, як гэта было.
Пра іншыя пляцоўкі Бібліяночы–2023 чытайце ў артыкуле «Бібліяноч–2023: Тэрыторыя навукі».
Фотасправаздача мерапрыемства ў сацыяльнай сетцы Facebook.
Да сустрэчы ў 2024 годзе!