Старшы навуковы супрацоўнік Аддзела даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці БелСГБ Аксана Марозава прыняла ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі акадэмічных бібліятэк (ICAL–2023), арганізаванай Цэнтральнай бібліятэкай Дэлійскага ўніверсітэта (Індыя) у гонар святкавання стагоддзя ўніверсітэта (1922–2022) у перыяд з 5 па 8 красавіка 2023 года. Ключавой тэмай меганавуковага мерапрыемства стала «Трансфармацыя акадэмічных бібліятэк: эвалюцыя, інавацыі, якасць, удасканаленне».
Асноўнай мэтай канферэнцыі стала правядзенне ацэнкі зменлівай тэхналагічнай прасторы, у якой сёння функцыянуюць бібліятэкі, і распрацоўка рэалістычнай дарожнай карты, якой маглі б прытрымлівацца бібліятэкі акадэмічных устаноў у розных галінах ведаў.
У канферэнцыі прынялі ўдзел каля 500 дэлегатаў з 20 краін. За чатыры дні канферэнцыі было прадстаўлена больш за 200 дакладаў, 30 з якіх былі заяўлены як ключавыя. Асноўныя даклады былі прысвечаны эвалюцыі акадэмічных і нацыянальных бібліятэк на сучасным этапе, была дадзена міжнародная ацэнка даследчых тэндэнцый у галіне бібліятэказнаўства і інфарматыкі, ролі адкрытых адукацыйных рэсурсаў. Была адзначана арыентацыя акадэмічных бібліятэк на электронныя паслугі з улікам высокіх тэхналагічных навыкаў сучасных карыстальнікаў. Асаблівая ўвага была нададзена аналізу кампетэнцый бібліятэчных спецыялістаў у сучасных умовах і развіццю жыццёва важных навыкаў «soft skills».
Аксана Марозава прыняла ўдзел у мерапрыемствах канферэнцыі і прадставіла вопыт дзейнасці навуковых бібліятэк Беларусі ў ключавым дакладзе «Навуковыя бібліятэкі Беларусі як суб’екты навуковай дзейнасці: бягучы стан і погляды на будучыню». Найбольшую цікавасць з пункту гледжання функцыянавання беларускіх бібліятэк ва ўмовах цыфравізацыі выклікалі досвед БелСГБ па ўдзеле ў праекце па стварэнні Партала выданняў Аддзялення аграрных навук НАН Беларусі, а таксама дзейнасць бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў Беларусі па стварэнні рэпазіторыяў.
Падчас знаходжання ў г. Дэлі былі праведзены перамовы з дырэктарам Сістэмы бібліятэк Дэлійскага ўніверсітэта доктарам Раджэш Сінгхам аб магчымасці заключэння дагавораў аб супрацоўніцтве і кнігаабмене паміж БелСГБ і Цэнтральнай бібліятэкай Дэлійскага універсітэта.
Таксама прадстаўнік БелСГБ была прыцягнута да абмеркавання стратэгічнага праграмнага дакумента для сеткі бібліятэк Дэлійскага ўніверсітэта падчас дапаможнай нарады, арганізаванай спадаром Шайлендра Кумарам, дырэктарам канферэнцыі, прафесарам Факультэта бібліятэчных і інфармацыйных навук Дэлійскага ўніверсітэта, і доктарам Манікай Ламба, старшынёй падкамітэта па прафесійным развіцці і членам пастаяннага камітэта Секцыі навукова-тэхнічных бібліятэк ІФЛА. Падчас абмеркавання быў прадстаўлены вопыт БелСГБ па фарміраванні сваёй калекцыі інфармацыйных рэсурсаў, удзеле БелСГБ у міжнародных праектах ФАО, арганізацыі адкрытага доступу да калекцыі бібліятэкі, рэалізацыі прынцыпу «зялёных бібліятэк» і інш. Асаблівую цікавасць выклікаў досвед па падрыхтоўцы і выпуску навуковага рэцэнзаванага часопіса «Бібліятэчна-інфармацыйны дыскурс», заснавальнікам якога з’яўляецца БелСГБ.
Акрамя ўдзелу ў насычанай навуковай і прафесійнай праграме канферэнцыі і звязанных мерапрыемстваў, па выніках замежнай камандзіроўкі ў г. Дэлі былі дасягнуты дамоўленасці аб развіцці далейшага ўзаемавыгаднага і плённага супрацоўніцтва.