Анатоль Рыгоравіч Мяньчэня
На пачатку вайны ў в. Мочынск Старадарожскага раёну пражывалі браты Ігнат, Васіль, Павел і Рыгор Мяньчэні са сваімі сем’ямі. Старэйшым сынам Рыгора быў мой дзед Анатоль (1927 г.н.). З-за памылак службовых асоб браты мелі розныя варыянты напісання прозвішчаў, ды і дзеда маці клікала «Антэкам». З пачаткам вайны па лясах вакол Мочынска хавалася значная колькасць акружэнцаў. Дваіх з іх, што капалі бульбу на ўскрайку вёскі, у ліпені 1941 г. растралялі каля дуба, што расце і сёння. Мясцовыя пахавалі іх, у аднаго з салдат быў медальён, з дапамогай якога пасля вайны атрымалася знайсці яго сваякоў. 8 жніўня 1941 г. каля Мочынска праходзіла вайсковая калона нацыстаў. Нечакана адбыўся выбух, адзін з акупантаў загінуў. У адказ на гэта былі растраляны дзесяць мясцовых жыхароў, у тым ліку Ігнат і чатыры яго сыны. У 1942 г. Рыгор далучыўся да партызанскага атрада. Анатоль з сястрой Марыяй насілі партызынам харчаванне, а калі Мочынск быў спалены за супрацоўніцтва з партызанамі, сям’я перабралася ў партызанскі атрад, дзе і знаходзілася да вызвалення. У 1943 г. Рыгор памёр ад тыфа і быў пахаваны на партызанскіх могілках ва ўрочышчы Карытняншчына, якія да нашага часу не захаваліся. У снежні 1944 г. Анатоль быў прызваны ў армію, служыў тэлефаністам у вайсковай частцы 51111. На месцы Мочынска сёння захаваўся толькі дуб, а непадалёк усталяваны самаробны памятны знак.
Ганна Тарасаўна Мяньчэня (Сычова)
Мая бабуля – Ганна Тарасаўна Мяньчэня (у дзявоцтве Сычова) (1923 г.н.) 21 чэрвеня 1941 г. скончыла Бабруйскае медыцынскае вучылішча па спецыяльнасці «медсястра». З пачатку вайны жыла ў в. Баранцы Асіповіцкага раёна разам з бацькамі, малодшым братам Уладзімірам і сястрой Вольгай. Яе зводны брат Іван Дрэнь скончыў настаўніцкія курсы і яшчэ ў 1940 г. быў прызваны ў армію, служыў пісарам у Слуцку, загінуў у пачатку вайны. Ганна працавала ў шпіталі ў в. Ліпень, незважаючы на небяспеку перадавала партызанам медычныя прэпараты і лекі, а ў сваёй хаце ратавала пасля ранення партызана-падрыўніка Ўладзіміра Кунько. За сувязі з партызанамі в. Баранцы была спалена, але яе жыхарам пашчасціла выжыць. Сям’я Сычовых перабралася ў м. Свіслач, дзе заняла недабудаваны дом. Пасля вызвалення Ганна працавала ў бальніцы ў м. Свіслач, дзе і была арыштавана 16 студзеня 1945 г. па абвінавачванню ў «здрадзе радзіме» і «антысавецкай агітацыі» за працу ў шпіталі ў час акупацыі. У зняволенні знаходзілася ў Бабруйскай турме. Заступіцца за яе не было каму – мясцовыя партызаны далучыліся да арміі. Толькі ў ліпені 1946 г., калі вярнуўся дадому адзін з камандзіраў атрада, Ганна была вызвалена і рэабілітавана. Трагічна склаўся лёс яе малодшага брата Ўладзіміра. Ён быў прызваны ў армію ў ліпені 1944 г., а ўжо ў лістападзе сям’я атрамала ліст, што ён лічыцца зніклым без звестак. Дакладныя дата і месца смерці яго невядомыя.
Імполь Канстанцінавіч Навоша
Удзельнікам вайны быў і мой прадзед па кудзелі Імполь Канстанцінавіч Навоша (1909 г.н.), які жыў на хутары каля в. Кунаса Нясвіжскага раёна разам з жонкай Марыяй, дзецьмі – Адамам (мой дзед), Ёзікам і Валяй, і братам Мікалаем. У 1944 г. Імполь з Мікалаем былі мабілізаваны. Тут шляхі братоў разыйшліся Імполь пайшоў у Чырвоную Армію, а Мікалай – у Войска Польскае. Пасля вайны ён застаўся ў Польшчы і жыў у г. Зялёнагура. Імполь служыў у 1061 стралковым палку, з баямі прайшоў Усходнюю Прусію і сустрэў Перамогу каля г. Расток у Германіі. Быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».