22 февраля, 2021

Аграрная навука па-беларуску Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выступіла арганізатарам навукова-асветніцкай акцыі “Аграрная навука па-беларуску”, прымеркаванай да Дня беларускай навукі і Дня беларускай мовы. Акцыя праводзілася ў перыяд з 25 студзеня па 21 лютага 2021 года ў мэтах фарміравання пазітыўных адносін да павышэння ўзроўню выкарыстання беларускай мовы ў айчыннай аграрнай навуцы, падтрымкі развіцця навуковай сельскагаспадарчай тэрміналогіі праз выкарыстанне беларускай мовы навукоўцамі-аграрыямі ў пісьмовай навуковай камунікацыі, папулярызацыі беларускай мовы.

202102222У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі сельскагаспадарчай акадэмічнай навукі і прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай аграрнай адукацыі. Найбольш актыўным аўтарам-удзельнікам акцыі стаў Віктар Мікалаевіч Босак – доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, загадчык кафедры бяспекі жыццядзейнасці УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”. Удзельнікі акцыі даслалі каля ста навуковых публікацый на беларуская мове ў галіне сельскай гаспадаркі і сумежных навук, сярод якіх: артыкулы ў навуковых часопісах і зборніках навуковых прац, даклады і тэзісы канферэнцый, кніжныя выданні. Акрамя навуковай значнасці ў галіне сельскагаспадарчых навук, гэтыя матэрыялы з’ўляюцца карыснымі крыніцамі навуковай і прафесійнай тэрміналогіі сучаснай беларускай мовы.

 

Кожны ўдзельнік акцыі атрымае адпаведны сертыфікат. Нагадваем таксама, што за кожную прадстаўленную беларускамоўную публікацыю па сельскагаспадарчай або сумежнай тэматыцы ўдзельнікі маюць магчымасць да заканчэння 2021 года аднаразова бясплатна скарыстацца адной з ніжэйпералічаных паслуг, якія ажыццяўляе Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка:

  • электронная дастаўка 2 дакументаў па пытаннях сельскай гаспадаркі і сумежных галінах;
  • індэксаванне 3 дакументаў індэксамі УДК;
  • дапрацоўка бібліяграфічнага спіса (да 15 крыніц);
  • вызначэнне навукаметрычных паказчыкаў публікацыйнай актыўнасці аўтара (адно прозвішча).

Запыт на выкананне паслуг накіроўвайце, калі ласка, на e-mail: .

Шчыра ўдзячныя ўсім, хто далучыўся да акцыі!

Спадзяемся, што і надалей навуковая дзейнасць айчынных навукоўцаў-аграрыяў будзе весціся і па-беларуску!